Да нас наязджалі дзяўчыны з 34mag.net, і вось які артыкул пра нас у іх атрымаўся 😛

Ход канём

На ўлонні прыроды

Пакуль ты наракаў на адмоўны энергетычны фон суседзяў з пятага паверха і немагчымасць медытаваць у доме, дзе разам з табой жыве тысяча чалавек, гэтая парачка ў пошуках гармоніі не толькі адважылася з’ехаць у глухую вёску, але і ажыццявіла сваю даўнюю мару – пачала разводзіць коней. Іх завуць Эльга і Ратмір. Іхных коней – Пальміра, Лелька, Чыжык. Сабака Дракон і котка Скадзі. Усе разам яны – жыхары радавой сядзібы «Гняздоўе вятроў» у вёсцы Ваўкі, што згубілася паміж пустак і балот Полаччыны. Мы не пабаяліся талых снягоў беларускай зімы–2013 і адважна накіраваліся ў госці: па новыя ўражанні, свежы хлеб і сакрэт сусветнага святла, нарэшце.

«Мы з Эльгай гасцей звычайна сустракаем на конях»

Раніца радавала: сонца свяціла ва ўсе шчыліны, белы снег сляпіў вочы і таяў. Але шлях да пункта прызначэння простым не назавеш: спачатку дабіраліся цягніком да Полацка, пасля – аўтобусам да вёскі Гомель, дзе нас чакаў 29-гадовы гаспадар «гняздоўя» Ратмір, каб на машыне адвезці ў сваю сядзібу – 4 кіламетры ў глыб лясоў па такім надвор’і маглі ператварыць нашае падарожжа ў сапраўдны заплыў.

«Мы з Эльгай гасцей звычайна сустракаем на конях. Вы проста позна патэлілі, і мы не паспелі падрыхтаваць жывёлін», – кажа Ратмір, пакуль мы загружаемся ў яго невялічкі «пыжык» (Peugeot 306), каб праз дзесяць хвілін трасяніны на калдобінах трапіць у «прастору радасці» – менавіта так называюць сваю сядзібу гаспадары. Ратмір аказваецца аматарам хуткай язды, нас матыляе з боку ў бок, дзяржанне ад лапаты для чысткі снегу на адным з ухабаў ледзьве не выбівае фатографу вока, у багажніку тузаюцца вялізныя бочкі – свайго калодзежа ў наваспечаных вяскоўцаў яшчэ няма, таму даводзіцца ездзіць па ваду ў Гомель.

Вось і Ваўкі: з жыхароў толькі дзед Васіль з бабай Нінай і гаспадары «гняздоўя». Машына спыняецца ля невялічкай старой хаткі. У паветры – пах драўніны, талага снегу і дымку. Маленькі двор, сад, скрыня з прарослай цыбуляй, агарод і крыху наводдаль – зусім новая стайня і загон, у якім спакойна паходжваюць коні. Імгненне – і ўвагу перахоплівае вялікі сабака Дракон мясцовай ваўкоўскай пароды, які, па ўсім відаць, прызвычаіўся да бясконцай плыні гасцей, таму ледзьве не валіць нас з ног, выказваючы сваю бурную радасць.

Ратмір запрашае ў хату. Не так даўно тут здарылася невялікая аварыя – у дымаходзе печкі загарэлася сажа, таму ўжо ў сенцах, з якіх мы трапляем на вялізную кухню, пах дыму ўзмацняецца.

Тут нас сустракае 23-гадовая мастачка Эльга – гаспадыня сядзібы. Падобная да гераіні скандынаўскай сагі, яна, у кампаніі шэрай спрытнай коткі Скадзі, праводзіць нам экскурсію па сваім маленькім каралеўстве. Печка, сценка, увешаная конскай збруяй, самаробны ложак на падлозе, старадаўняя шафа, кнігі, дзейная машынка Singer і, зразумела, карціны – «гняздоўе» існуе ўжо не адзін год і ёсць сапраўдным гонарам гаспадараў, нягледзячы на відавочныя нязручнасці, кшталту адсутнасці каналізацыі ды водаправода. Ратмір і Эльга адстаялі сваё бачанне ідэальнага існавання і ўпэўненыя, што далей – перамены толькі да лепшага.

Да таго ж, як паясняе гаспадыня, першасную ўвагу пры засяленні надалі менавіта жывёле: «Галоўнае, што мы ўпарадкавалі коней. Так, грошай на будоўлю стайні пайшло шмат, але мы вырашылі: лепш крыху пажывем у такіх вось умовах самі, чым жывёліны будуць стаяць у цесным хляўку і хварэць увесь час».

Мы аказваемся за шырокім драўляным сталом. Гаспадары, якія вядуць здаровы лад жыцця і не ўжываюць мяса, частуюць нас свежым хлебам з печкі ды гарбаткай на зёлках, мы іх – нішцякамі, набытымі ў сасісачнай на Полацкім аўтавакзале. Матчына мова толькі ўзмацняе апетыт. Размова пра надвор’е плаўна перацякае ў расповед пра «Гняздоўе вятроў».

«Паводле дакументаў яна ў Ваўках першы новы чалавек за 30 гадоў»

Ратмір і Эльга пазнаёміліся ў 2006 годзе на Міжнародным адкрытым кірмашы здароўя. Пасля былі сумесныя вандроўкі па гарадах і вёсках як Беларусі, так і замежжа з абавязковым заездам на штогадовую «Вясёлку». Ну а як інакш: у абаіх бацькі – паходнікі, дзеці раслі на прыродзе. Як вынік, калі зрабіліся дарослымі – пераплюнулі бацькоў-гараджан, выбраўшы сталым месцам жыхарства глухую вёску. Адзінае адрозненне – родныя Эльгі падтрымліваюць пару ў пачынаннях, а вось бацькі Ратміра ніяк не могуць змірыцца з тым, што сын сышоў у лясы, хаця хлопец стала жыве ў сельскай мясцовасці з 2004 года.

«Калі мы вырашылі жыць разам, нават не вагаліся наконт месца – гэта магла быць толькі вёска, – распавядае Ратмір. – Так, “Анастасія” на наш светапогляд паўплывала, але, як і большасць стваральнікаў радавых сядзіб, мы, перш за ўсё, карыстаемся галавой. Наогул, паводле адукацыі я праграміст – з “трыджыкам” магу спакойна працаваць аддалена».

Месца для будучай радавой сядзібы шукалі доўга: «У Ваўках вельмі спадабалася, да таго ж агульная знаёмая прапанавала пажыць у сваёй хаце, пакуль яна будзе ў чарговай вандроўцы. Раней мы бавілі час тут толькі летам, але вось гэту зіму таксама правялі ў “гняздоўі”. Адзінае, пару разоў грэйдар да нас не даходзіў – прыходзілася самім снежныя завалы расчышчаць».

Яны кажуць, што застануцца тут надоўга. У 2009 годзе набылі зямлю – два зямельныя ўчасткі па 25 сотак кожны, 1,5 гектара ўзялі ў арэнду пад выпас коней. Эльзе прыйшлося прапісацца – паводле дакументаў яна ў Ваўках першы новы чалавек за 30 гадоў.

«Зразумела, плануем будаўніцтва ўласнай хаты, гасцявога дома, лазні, – распавядаюць гаспадары. – Калі ўсё атрымаецца, адчынім аграсядзібу. Але, перш за ўсё, як сыдзе снег, паставім калодзеж: пакуль за вадой трэба ездзіць у суседнюю вёску, мыцца наогул ходзім у кацельную пры сельсавеце – за невялікія грошы там можна прыняць душ. Аўталаўка прыязджае два разы на тыдзень, але мы звычайна затарваемся ў Полацку. Мясцовыя спачатку ставіліся да нас насцярожана: лічылі за сектантаў. Маўляў, дзіўныя рабяты – жывуць наводшыбе, не паляць, не ўжываюць алкаголю, разводзяць коней, апранаюцца, як героі сярэднявечных казак (Эльга і Ратмір адносяць сябе да «вольнага» рэканструктарскага ордэна і нярэдка выбіраюцца «ў людзі» апранутыя кшталту персанажаў сагі пра Ведзьмака). Але паступова да нас прызвычаіліся і пакінулі ў спакоі».

«…І яшчэ такую бугайку ад амерыканскага рысака нарадзіла»

Гарбата ўжо выпітая, і наперадзе доўгачаканы момант знаёмства з галоўнымі жыхарамі «гняздоўя» – коньмі. Нацягнуўшы на ногі галошы, бо на дварэ ўсё канчаткова паплыло, мы рушым да Чыжыка, Пальміры і Лелькі.

Коні – жарсць усяго жыцця Эльгі. Калісьці яна нават вучылася на ветэрынара, але кінула гэтую справу – не змагла прымусіць сябе ставіцца станоўча да прафесіі пасля жахаў, якія пабачыла падчас практыкі на ферме. Да таго ж пагражала размеркаванне. Таму і сышла ў вольнае плаванне: даглядае коней, рэалізоўвае сябе як мастачка.

На дварэ спяваюць птушкі, Дракон кідаецца ў абдымкі, мы з фатографам разглядаем прыгажуноў-коней. Эльга чысціць жывёлін і паралельна распавядае пра вытокі свайго захаплення: «Пачалося ўсё, калі мне споўнілася восем і я занялася конным спортам. Зацягнула. Аднак паступова зразумела, што не развіваюся: было цікава ўсталёўваць кантакт з канём, у спорце ж – дакладныя інструкцыі: зрабі так, стукні там – атрымаеш тое. А я шукала іншыя падыходы. Так у 15 гадоў трапіла ў маленькі клуб пад Менскам, дзе займаліся іпатэрапіяй – лячэбнай верхавой яздой з дзецьмі-інвалідамі. Вось там можна было кантактаваць з канём без удараў і торганняў».

У 2007 годзе Эльга трапіла ў Нацыянальны Нарачанскі парк: яго тагачасны дырэктар-коннік заснаваў дзве конныя фермы. На адну з іх і хадзіла дзяўчына. Калі ўлада ў парку змянілася, жывёліны аказаліся нікому не патрэбнымі – каля года прастаялі на балансе, а пасля стайню расфармавалі.

«Я, калі даведалася, адразу паехала забіраць каня, з якім працавала, – кажа Эльга. – Спазнілася ўсяго на тыдзень – яго здалі на мяса, іншых – распрадалі. Засталася толькі Пальміра – адзіная кабыла, якую я не любіла. У нас ніяк не атрымлівалася наладзіць кантакт: яна мяне кусала, брыкала, спрабавала скідваць. Ну і я адпаведна – дзе дубцом яе, дзе жалезам па зубах. Тым не менш, знайшла гэту кабылу ў калгасе. Яна не магла хадзіць з-за ламініту – вельмі сур’ёзнай хваробы. Выкупіла яе, прывезла ў Менск. Усе ветэрынары раілі мне хутчэй ад яе пазбавіцца, але мы не здаваліся. Цяпер Пальміра цалкам здаровая. І яшчэ такую бугайку як Лелька ад амерыканскага рысака нарадзіла».

У Чыжыка таксама свая няпростая гісторыя: пасля 10 гадоў працы ў спартыўнай школе, дзе на ім вучыліся ездзіць, каня спісалі ў калгас з-за праблемаў з лёгкімі. Эльга з Ратмірам яго таксама выкупілі і падлячылі.

«Коні дапамагаюць твайму самаразвіццю, бо каб жывёліна цябе слухалася, трэба зрабіцца для яе лідарам, – распавядае Эльга. – А гэта ўжо праца з сабой: калі сам не будзеш упэўнены ў сваіх лідарскіх якасцях, конь тым больш не будзе слухацца. Трэба шмат увагі надаваць сваім паводзінам, рэакцыям, кантраляваць сябе, калі трэба – перанакіроўваць агрэсію ў іншы бок».

Эльга працягвае: «На аднаго каня на месяц мы трацім каля Br 400 тыc., улічваючы, што наладжана стайня, і мы самі прыбіраемся, кормім яго і поім. Часу гэта шмат не займае – гадзіну на дзень, не больш. Вось з рыштункам, вядома, нашмат складаней: у Беларусі толькі дзве спецыялізаваныя крамы: «Белая Грыва» ў Менску і «Конная крама» ў Ратамцы. Тавар там танны, паводле еўрапейскіх мерак, а значыць не вельмі якасны. Для параўнання: у Ратамцы сядло каштуе $ 300, а тое, што я прыгледзела для Лелькі на адным з замежных сайтаў – $ 1300».

Справа скончаная – чысцюткія коні павольна пахаджваюць у загоне. Час збірацца дадому: наш аўтобус адыходзіць праз гадзіну. І тут высвятляецца, што свежы хлеб ад Эльгі – не адзіны сюрпрыз, які падрыхтавалі для нас гаспадары. Наперадзе – чатыры кіламетры шчасця: для фатографа сядлаюць хіпстара Чыжыка (назвалі яго так адразу з-за чубкі, якая гулліва спадае на вочы), Пальміру – для мяне.

Так і рушым да прыпынку. Цябе ўзнялі над зямлёй, ты размясціўся на асобным сусвеце, які дыхае, часам іржэ, часам спатыкаецца або пачынае імчаць галопам. Над галавой – бездань сіняга неба, наперадзе – пародзісты зад Лелькі, з бакоў праплываюць касмічныя краявіды, якія штодня бачыш у пабліках сацыяльных сетак, але сёння твой дзень: ты – іх частка.

Крыніца: http://34mag.net/post/khod-kanjom/

Артыкул пра нас на 34mag :): 2 комментария

  1. Каця on 18.04.2013 at 16:34 пишет:

    Ратмір і Эльга:) Радая вітаць:) Мне так спадабаўся гэты артыкул, вельмі спадабаліся Вы:) Я Вас падтрымоўваю, жадаю поспехаў ва ўсіх пачынаннях і памкненнях:) Няхай усё ладзіцца і атрымоўваецца:) Вельмі прыемна сустракаць аднадумцаў:) Поспехаў!

  2. Здоровья,удачи,прибавления жеребят,вам ребятки! Очень расстрогала статья.Вы умнички,труженикии просто храбрецы!

Добавить комментарий для Halina Fomicheva Отменить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован.

Навигация по записям